ЧАТКА́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК горна-лясны.

У зах. адгор’ях Чаткальскага хрыбта (Туркменістан). Засн. ў 1947 для аховы прыродных комплексаў горных лясоў і лугоў Зах. Цянь-Шаня. Пл. 35,8 тыс. га. Рэльеф горны (выш. да 4000 м). Клімат рэзка кантынент., з вял. амплітудамі ваганняў тэмператур. У расліннасці 3 паясы: разнатраўнага сухога стэпу туранскага тыпу, дрэвава-кустовага і высакагорнага стэпу. Больш за 600 відаў травяністых і 40 відаў дрэвавых і кустовых раслін. У фауне — цэнтральнаазіяцкі горны казёл, казуля, дзік, сурок Мензбіра (эндэмік), рэліктавы суслік, дзікабраз, белакіпцюрны мядзведзь, воўк, барсук, каменная куніца і інш., трапляецца снежны барс. Сярод птушак пашыраны цемнабрухі улар, кеклік, белагаловы сіп, чорны грыф, барадач; трапляецца чорны каршун, пустальга, арол-карлік. У 1965 на берагах р. Тэрэксай выяўлены стараж. наскальныя малюнкі (петрогліфы).

т. 17, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)